Адкр 6
1 І я ўгледзеў, што Ягня зьняло першую зь сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі!
2 Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхавец, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.
3 І калі Ён зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі.
4 І выйшаў другі конь гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір зь зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.
5 І калі Ён зьняў трэйцюю пячатку, я чуў трэйцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхавец, які меў вагі ў руцэ сваёй.
6 І чуў я голас з-пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!
7 І калі Ён зьняў чацьвёртую пячатку, я чуў голас чацьвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.
8 І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхавец, якому імя сьмерць; і пекла ішло за ім сьледам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі - забіваць мечам і голадам, і пошасьцю і зьвярамі зямнымі.
9 І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны.
10 І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?
11 І дадзена было кожнаму зь іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.
12 І калі Ён зьняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў,
13 і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца, патрасаная моцным ветрам скідае нясьпелыя смоквы свае.
14 І неба схавалася, зьвіўшыся як сувой; і кожная гара і выспа рушылі зь месцаў сваіх;
15 і цары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,
16 і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Гасподняга;
17 бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?